БАРЫ́САЎСКІ КАМБІНА́Т ПРЫКЛАДНО́ГА МАСТА́ЦТВА Беларускага саюза мастакоў. Створаны ў 1963 у г. Барысаў на базе керамічных майстэрняў, што існавалі з канца 19 ст. Да 1968 наз. Мастацка-вытворчыя майстэрні. Уключае таксама ўчасткі маст. ткацтва і вязання (з 1964), па выпуску габеленаў (з 1972). На камбінаце працуюць больш за 50 мастакоў (1996). Выпускае дэкар. утылітарную кераміку (сувеніры, вазы, кашпо), вырабы маст. вязання (сукенкі, касцюмы, світэры, кофты) і ткацтва (парцьерныя тканіны, ручнікі, сурвэткі, дарожкі); па заказах стварае маст. керамічныя пліткі, дэкар. вазы і скульптуры для інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вырабы камбіната ўпрыгожваюць інтэр’еры будынкаў Мінска, Барысава, Талачына, Заслаўя і інш. На камбінаце зроблены габелены-заслоны для сцэн Дзярж. т-раў муз. камедыі, оперы і балета ў Мінску, т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску, палацаў культуры ў Барысаве, Новалукомлі і інш., насценныя габелены для фае палацаў культуры і музеяў (Магілёў, Барысаў, Варонеж, Багучар), для залы пасяджэнняў у будынку былога ЦК КПБ (Дзярж. прэмія Беларусі 1980), у будынку ААН (Нью-Йорк), «Габелен стагоддзя» і інш. Габелены, створаныя на камбінаце, засведчылі з’яўленне сучаснай школы бел. габелена.
Л.Д.Фінкельштэйн.
т. 2, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)